СЬЦЯГ І ГЕРБ
19 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў у якасьці афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня". Адноўлена гістарычная справядлівасьць: Беларусь паўстала як суверэнная дзяржава з багатымі традыцыямі, культурай, народнай памяцьцю. Веру, што знявечаны дух апошніх пакаленьняў ажыве, уваскрэсьне, прадоўжыцца ў нашчадках. Але кожны крок Адраджэньня - дзяржаўнага, духоўнага - робіцца пакуль магчымы толькі праз высілкі людзей сьведамых, ахвярных. I каб іх большала, каб яны заставаліся ў памяці пакаленьняў і служылі ўзорам, трэба часьцей і праўдзіва гаварыць пра тых, хто жыў пад "Пагоняй" задоўга да яе прызнаньня Вярхоўным Саветам.
Сёньня мой субяседнік - Уладзімір КРУКОЎСКІ, вядомы беларускі плакатыст, мастацкі рэдактар часопіса "Спадчына", адзін з аўтараў эталона Дзяржаўнага герба.
Валянціна Трыгубовіч.
- Уладзімір Якаўлевіч, як вы трапілі ў групу распрацоўшчыкаў? Гэта быў нейкі загад "зьверху" ці ініцыятыва "зьнізу"?
- Калі ў парадак дня шостай, нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета былі ўключаны пытаньні пра назву нашай дзяржавы, яе сьцяг і герб, мы зразумелі, што яны ня пойдуць гладка, таму вырашылі, так-бы мовіць, заняцца асьветніцкай працай. Некалькі мастакоў, сябры Сойму БНФ (Яўген Кулік, Мікола Купава, Аляксей Марачкін і ваш суразмоўнік), пачалі рыхтаваць выставу. Назвалі яе (умоўна) "Герб і сьцяг". Паколькі тэрміны "падпіралі", а праца была складаная і адказная (вялікая колькасьць экспанатаў, сабраных з усёй Беларусі, з музеяў і сховішчаў, з прыватных збораў), былі запрошаны яшчэ некалькі чалавек, у прыватнасьці Л. Бартлаў, Л. Талбузін, I. Марачкін, Ф. Ладуцька, А. Шатэрнік, моцна дапамог нам фотаработамі В. Дубінка.
Экспазіцыю разгарнулі ў вестыбюлі Вярхоўнага Савета і, па водгуках членаў Вярхоўнага Савета, нашых сяброў з апазіцыі, яна была зьмястоўная, цікавая і ролю сваю адыграла. Веданьне гісторыі ў нашым грамадстве вядома якое. Большасьці дэпутатаў выстава проста адкрыла вочы. Мы сьпецыяльна імкнуліся падкрэсьліць у экспазіцыі беларускі, славянскі генезіс "Пагоні", каб пераадолець стэрэатып наконт яе нібыта літоўскага паходжаньня... Калі герб і сьцяг былі зацьверджаны ў якасьці дзяржаўных сімвалаў, адразу паўстала патрэба стварэньня іх эталонаў.
4 кастрычніка была сфарміравана сьпецыяльная Камісія пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі і зацьвярджэньня дзяржаўнай сімволікі, атрыбутыкі і адпаведных дакументаў да іх. Камісія аўтарытэтная. Увайшло туды больш за 20 чалавек, вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў. Тым, хто рабіў вышэйзгаданую выставу, людзям, ужо дасьведчаным у гэтай справе, даручылі і далей працаваць над сімволікай. У мастацкую групу, такім чынам, увайшлі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў, Леў Талбузін і Уладзімір Крукоўскі. Праца працягвалася амаль тры месяцы. Як у падрыхтоўцы выставы, так і ў працы над эталонамі, маторам усёй акцыі быў Яўген Кулік, чалавек выключнай мастацкай і гістарычнай эрудыцыі, глыбокіх ведаў і добрага густу. Чалавек, адданы справе, энтузіяст, бяссрэбранік, надзвычай патрабавальны, з няпростым характарам. Так склалася, што над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і мне. Талбузін займаўся навершам сьцяга, а потым, калі былі гатовы графічны і каляровы эталоны, пачаў ляпіць рэльеф (аб'ёмны эталон). Купава рабіў узоры дзяржаўных пячатак, мне давялося яшчэ зрабіць новы нагрудны знак дэпутата. Але гэта ня значыць, што ўсе сядзелі па сваіх кутках. Мы зьбіраліся, абмяркоўвалі эскізы, спрачаліся. Зроблена сотні паўтары эскізаў. Штотыдзень кожны чарговы больш-менш дапрацаваны варыянт разглядаўся на Камісіі.
- Вас прысьпешваў Вярхоўны Савет ці вы самі абралі такі шалёны тэмп працы?
- Мы разважаем цяпер з вамі ў нейкай развольненай прасторы. А тады ўсё было настолькі сьціснута ў часе, ішла сапраўдная пагоня за палітычнымі падзеямі... Мы гэта вельмі востра адчувалі: спозьнімся на месяц, і парламенцкая большасьць навесіць Беларусі жалудовы вяночак з зубрам пасярэдзіне. Альбо нешта ў традыцыях сярпа і молата. Падобныя прапановы нават пачалі абмяркоўвацца ў друку. Уявіце, што было б і што атрымалася б (ведаючы нашу мастакоўскую атмасферу і ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці), калі аб'явілі б на герб конкурс. Гэта цягнулася б не адзін год і магло б даць самыя непрадказальныя вынікі. Такое ўжо было ня раз у гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Што да герба "Пагоня", то самае складанае было - прыняць канцэпцыю. Меліся два шляхі: зьвярнуцца да нейкай гістарычнай выявы і яе адаптаваць або стварыць нешта новае, так-бы мовіць, "Пагоню" канца XX стагоддзя. Першы шлях здаваўся вельмі лёгкім. Але, улічваючы, якая вялізная колькасьць выяваў "Пагоні", дзякаваць Богу, захавалася - ад пячаткі Глеба (Нарымунта) Полацкага да БНРаўскіх, заходнебеларускіх, эмігранцкіх (кожная зь іх мела прыкметы свайго часу), - мы вырашылі рабіць новую, сёньняшнюю. Калі стала вядома, што ў Беларусі распрацоўваецца эталон Дзяржаўнага герба "Пагоня", на пасяджэньне камісіі прыехалі два прадстаўнікі ўрада Летувы і прывезьлі свой эталон. Выявілася, што недзе зь месяц да гэтага Вярхоўны Савет Летувы зацьвердзіў новы эталон герба і яны дбалі пра тое, каб у выявах ня было супадзеньняў. Як вы ведаеце, іхні "Віціс" і наша "Пагоня" маюць зьнешняе падабенства.
- Ці паразумеліся вы з суседзямі?
- Так, яны былі супакоены. У нас усё іншае: і абрыс геральдычнага шчыта, і камбінацыі колераў, і ўзбраеньне вершніка, і форма крыжа. Хоць, паводле законаў геральдыкі, варта зьмяніць толькі адну дэталь, і атрымаецца новы герб.
- Ці ўсе геральдычныя каноны ўдалося вам вытрымаць падчас работы над беларускім гербам?
- Так. У нас колеры сьцяга натуральна пераходзяць на герб. Ёсьць толькі адно адступленьне: на срэбным (белым) шчыце вершніка мы зьмясьцілі залаты (жоўты) падвойны шасьціканцовы крыж. Гэта прынята як выключэньне з правілаў. Бо звычайна ў геральдыцы метал не зьмяшчаецца на метале. Гэта значыць золата на срэбры і наадварот. Такое дапускаецца толькі дзеля падкрэсьленьня выключнасьці, непаўторнасьці, важнасьці сімвала (якім зьяўляецца для нашай "Пагоні" залаты крыж). У іншых выпадках, у родавых гербах, напрыклад, дазваляецца толькі накладаньне металу на эмаль або эмалі на метал. Эмалі ў геральдыцы - гэта чырвоны, сіні, зялёны, чорны і пурпурны колеры.
- Крыж на шчыце вершніка выклікае шмат пытаньняў...
- Па-першае, залаты крыж ёсьць у гістарычных апісаньнях герба "Пагоня". У летувісаў ён таксама залаты, толькі зьмешчаны ў апошнім варыянце іхняга герба на сінім фоне. Па- другое, вы, відаць, маеце на ўвазе ўсе гэтыя размовы пра форму крыжа, так званы патрыяршы крыж. Паглядзіце на гістарычныя ілюстрацыі выкарыстаньня ў "Пагоні" рознаканцовага крыжа. Да таго ж суседзі з Летувы першыя ўзялі роўнаканцовы падвойны крыж. Па-трэцяе, і мастакі, і члены Камісіі (гісторыкі, мастацтвазнаўцы) былі аднадушныя ў тым, што няроўнаканцовы крыж асацыіруецца з вобразам сьвятой Ефрасіньні Полацкай, патронкі Беларусі. Хоць мы і не паўтаралі абрысы сьвятыні, створанай для яе майстрам Богшам. Форму крыжа мы амаль адзін да аднаго ўзялі з грабоўца Ягайлы.
- Чаму менавіта Ягайла стаў для вас гэтакім аўтарытэтам?
- Выява "Пагоні" на ягоным грабоўцы ў Кракаве, на Вавелі, - адна з найстаражытнейшых і зьяўляецца, бадай, самым выразным і каштоўным выяўленчым аўтэнтыкам эпохі, да таго ж гатычнага характару. А падчас працы над канцэпцыяй мы спыніліся менавіта на готыцы. Гэтая мастацкая плынь супадае па часу з такой вяршыняй славы беларускай дзяржавы, як Грунвальдская бітва. "Пагоня" ўсё ж баявы герб.
- Такім чынам, можна гаварыць, што грунвальдская "Пагоня" - правобраз сёньняшняй?
- У мастацкіх адносінах - так. Гэтаму вобразу падпарадкаваны ўсе дэталі. Узбраеньне вершніка, шалом, меч, парода каня, форма гунькі і г. д.
- Конь на эталоне выклікае шмат нараканьняў. Сваёй, так-бы мовіць, неарыстакратычнасьцю ён выклікае нават "эстэтычнае" раздражненьне.
- "Арыстакратычныя" коні (тое, што, даруйце, абывацель разумее пад арыстакратычнасьцю) зьявіліся значна пазьней у нашым рыцарскім войску. Зьявіліся тады, калі вынайшлі пальную зброю, якая прабівала любы панцыр, з нагоды чаго адпала неабходнасьць у цяжкіх рыцарскіх дасьпехах і, адпаведна, у цяжкіх конях. На зьмену ім прыйшлі арабскія, гішпанскія і іншыя лёгканогія скакуны.
- Гэта гістарычная праўда, але ж чалавек успрымае выяву як свайго роду твор мастацтва, як легенду...
- Што павінен выражаць герб, тым больш такога "вайсковага" зьместу? Якая павінна на ім быць выява? Давайце ўспомнім гербавыя выявы зааморфнага характару. Арол, леў, мядзьведзь - якімі яны выглядаюць на гербах розных краінаў? Звычайна магутныя, умоўнастылізаваныя, у статычных позах. Ні ў якім разе не ў лятуценным парыве, не ў ракурсным павароце, бо гэта ўжо не геральдычны, а жанравы, ілюстрацыйны падыход. Геральдычная выява павінна быць статычнай і лапідарнай па сваёй графеме, простай. Каб яе мог намаляваць і дасьведчаны мастак, і дзіцянё ў школе. На нас "ціснулі" таксама чыста кампазіцыйныя праблемы. Трэба было запоўніць плоскасьць шчыта ня нейкім рамантычным, неабавязковым антуражам (плюмаж на шаломе, складкі тканіны і да т. п), як гэта практыкавалася ў геральдычным мастацтве пазьнейшых эпох. Мы ж выбралі аскетычнае сярэднявечча, готыку! На нашым гербе няма ніводнай лішняй дэталі. Зрабіць гэта было вельмі складана.
- Дазволю сабе адысьці крыху ўбок ад вашай непасрэднай працы над эталонам. Скажыце, калі ласка, як выглядае ваш коньнік зь мечам на фоне сусьветнай геральдыкі?
- Па-першае, павінен сказаць, што геральдычная выява ўзброенага коньніка - ня толькі прыналежнасьць Беларусі і Летувы. Сьвяты Юры на гербе Масквы таксама ўзброены, толькі замест меча ў яго дзіда. У еўрапейскай традыцыі зьберагліся гарадскія гербы з выявай каня. Відаць, усе яны пачынаюць радавод зь перыяду сярэднявечных войнаў. Некаторыя, можа, яшчэ ранейшыя.
- Калі сёньняшняя Еўропа ня мае коньніка на дзяржаўных гербах, то атрымліваецца, што засталіся яны толькі на мяжы Захаду і Усходу?
- Так. На вайсковым водападзеле. Гэта ж лінія вечных войнаў за апошнюю тысячу гадоў. Тут зразумелы і генезіс.
- Усе коні павернуты на захад?
- Цяперашнія - так. Большасьць. Хоць мне вядомы гістарычныя выявы "Пагоні", дзе конь скача...
- На ўсход?
- Направа. Улева-ўправа. Так прынята называць у геральдыцы. Нас урокі геаграфіі прывучылі, што поўнач перад намі, па левай руцэ - захад, па правай - усход. I мы трансфармуем гэта...
- Адразу ў геапалітыку! Уладзімір Якаўлевіч, ваша глыбокае веданьне геральдычных законаў, геральдычных знакаў - вынік сьвядомага вывучэньня геральдыкі ці гэта зьвязана з тым, што вы гадамі шукалі свой радавод, свае карані? Малявалі генеалагічнае дрэва шляхецкага роду Крукоўскіх...
- Гэта візуальна вельмі цікавы матэрыял. Геральдыка захапіла мяне сваім хараством. Гадоў дзесяць займаюся ёю стала. Разумееце, геральдычная выява, як і выява, скажам, рэкламнага характару, нясе ў сабе элемент плакатнасьці. А мне гэта ўсё блізкае. I кніжны знак, і гандлёвы, і афіша, і нагрудны значок. Таму што гэта ўсё знакавая сістэма. Мне гэтым прыемна займацца.
- Падчас работы над эталонам герба ці былі ў вас дыскусіі, спрэчкі, сваркі? Калі былі, дык паміж кім?
- Усё было паміж намі ўсімі. Ды яшчэ якія зацятыя спрэчкі! Было нават бразганьне дзьвярыма. Але потым, нікуды не дзенешся, усьведамленьне адказнасьці працы зноў нас зьбірала.
- Вы маеце на ўвазе суполку мастакоў ці й Камісію Вярхоўнага Савета?
- На Камісіі спрэчкі былі больш памяркоўныя.
- Такім чынам, праца пачалася з выпрацоўкі канцэпцыі...
- Спачатку быў эскіз, які мы прадставілі на Камісію і паводле якога тлумачылі, чаму колер мае быць такі, а шчыт - гэткі. На наша задавальненьне, аргументы выклікалі згоду. Па ўсіх кірунках. Прыдаўся, як бачыце, наш вопыт у геральдыцы і гістарычныя веды.
- Ці значыць гэта, што канцэпцыю выпрацавалі менавіта мастакі?
- Безумоўна. Далей адбывалася яе ўдакладненьне, графічнае і колеравае ўвасабленьне. Камісія, дарэчы, працавала ня толькі з намі. Добраахвотнікі прыносілі свае варыянты гербавых выяў, часам кранальна наіўныя, але заўсёды шчырыя. I Камісія ўсё гэта кваліфікавана аналізавала і... ветліва адхіляла.
- Наяўнасьць эталона Дзяржаўнага герба не выключае магчымасьці стварэньня нейкіх лятуценных ці рамантычных варыяцый тэмы "Пагоня", мастацкай імправізацыі?
- Натуральна! Справа ў тым, што "Палажэньне пра Дзяржаўны герб", распрацаванае і зацьверджанае ў Вярхоўным Савеце, вельмі дакладна, па пунктах, вызначае, дзе, калі і як павінен прымяняцца эталон. Што да неэталоннай выявы, то тут вольнаму воля.
- Ці дакументальна зафіксавана аўтарства эталона?
- Акрамя подпісу на каляровым эталоне ніякіх дакументальных сьведчаньняў я ня бачыў. Калі мы працавалі, гэтае пытаньне цікавіла нас менш за ўсё.
- Якім чынам тады аплачвалася ваша праца?
- Матэрыяльна - на сёньняшні дзень - ніяк. Але ад зробленага я маю сапраўднае задавальненьне. Творчае і грамадзянскае. Відаць, найперш творчае, хоць бачу ўжо шмат таго, што я хацеў бы палепшыць у гербе. Пры тым, што канцэптуальна ўсё застаецца як ёсьць.
- Існуе такое занядбанае ў нашай дзяржаве паняцьце, як "аўтарскае права". Ці лічыце вы, што ўвесь пакет эталонаў, які быў падрыхтаваны групай мастакоў, трэба дзяліць па фактычна зробленаму ці прызнаць калектыўнае аўтарскае права?
- Для мяне гэтае пытаньне не істотнае.
- А для вашых калег?
- Што да Яўгена Куліка, то напэўна, таксама. Пра іншых я не гавару, бо ў нас не ўзьнікала падобных размоў. Дарэчы, падчас працы над эталонамі мы не замыкаліся ў сваім асяроддзі. Асабіста я кансультаваўся ў Арлена Кашкурэвіча, выдатнага графіка, Яўген Кулік зьвяртаўся па дапамогу да Уладзіміра Лукашыка, вядомага знаўцы і малявальшчыка коней. Член Камісіі Зданевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета, архітэктар па адукацыі, прыносіў свае прапановы. Мы глыбока ўдзячныя ім за парады, за падтрымку і дапамогу.
- Уладзімір Якаўлевіч, як вы паставіліся да крытычных выступленьняў у друку, якія зьявіліся пасьля зацьвярджэньня эталона герба?
- Аўтары большасьці іранічных пытаньняў, зьневажальных выказваньняў і зьедлівых заўваг, як правіла, людзі з калямастацкіх, калягістарычных, калянавуковых колаў. Самыя вялікія прэтэнзіі да друку - з прычыны яго некампетэнтнасьці, пасьпешлівасьці, неразборлівасьці. Апошні прыклад - публікацыя на першай старонцы "Літаратуры і мастацтва" за 15 мая, якая ёсьць якраз вынік недасьведчанасьці аўтара, нясумленнасьці героя і абыякавасьці рэдакцыі. Ні адзін сур'ёзны мастацтвазнаўца ці гісторык, літаратар нічога дрэннага пра эталон у друку не сказаў. I ня толькі таму, што "падабаецца - не падабаецца" - ня крытэрый. Ёсьць яшчэ пытаньне грамадзянскай годнасьці, чалавечай этыкі. Гэта наш дзяржаўны герб, зацьверджаны Вярхоўным Саветам (паважаем мы яго ці не, гэта законна абраная наша вышэйшая ўлада). Герб існуе ў якасьці ня толькі мастацкай рэчы, але і дзяржаўнага сімвала вышэйшага рангу. Між іншым, польскія геральдысты ў друку ўхваляюць нашу "Пагоню", асабліва ў параўнаньні з летувіскім "Віцісам". Відавочна, што стварэньне "ідэальнага" эталона герба, які б задаволіў ўсіх, - справа марная. Гісторыя сьведчыць, што дзяржаўныя гербы ўдасканальваюцца пастаянна. Прыгадаем тую ж суседку Летуву ці Польшчу або Нямеччыну. Дзяржаўны сімвал Беларусі тут не выключэньне.
- Шаноўны спадар! Я ўсё ж хачу вярнуцца да перадгісторыі пытаньня, у папярэднія гады, калі падрасталі, сталелі тыя асобы, тыя людзі, розумам і талентам якіх сьцвярджаецца сёньня незалежная Беларусь.
-Гэта вельмі шырокая, я б сказаў, нават асобная тэма. Давядзецца гаварыць пра постсталінскі перыад нацыянальнага адраджэньня. Ідэя беларускасьці, ідэя дзяржаўнасьці - нацыянальная ідэя - ніколі не памірала. Яна мусіла хавацца ў глыбокае падпольле, была ў заняпадзе з-за адсутнасьці носьбітаў, большасьць якіх была перабіта, фізічна зьнішчана ў сталінскія часы. Але ўспомнім 60-ыя гады, справу універсітэцкай групоўкі Разанава, разгром акадэмічнай групоўкі на пачатку 70-ых (Чарняўскі, Міско, Прашковіч, Рабкевіч, Каўрус). Успомнім зяльвянскую палонніцу Ларысу Геніюш ці тытанічную працу выгнаньніка Міколы Улашчыка, які ў Маскве выдаваў (для нас!) беларускія летапісы. А Уладзімір Караткевіч, Лявон Баразна? Падзьвіжніцкая праца Міколы Ермаловіча, якая, дзякаваць Богу, працягваецца і сёньня! Ці мала зрабілі сьвядомыя мастакі ад пачатку 70-ых - выставы патрыятычнага характару, вяртаньне імёнаў Цёткі, Гусоўскага, Драздовіча, Сяргіевіча, Сеўрука... Гэта-ж усё было ня толькі і ня проста мастацтва. Яшчэ і палітыка. Наступнае пакаленьне дало "Майстроўню" і "Талаку" Вінцука Вячоркі і Сяржука Вітушкі, рукапісны часопіс "Люстра дзён". Усё ж гэта рабілася пад знакам "Пагоні", яе ніхто і ніколі не адмяняў: ні расейцы, ні палякі. Яны зваявалі дзяржаву, забаранялі мову, але не "Пагоню". Афіцыёзная расейская геральдыка надзяляла "Пагоняю" ледзь ня кожнае беларускае мястэчка. Забараніў яе толькі бальшавізм, прычым не загадам або дэкрэтам. За яе "проста" расстрэльвалі. Пасьля другой сусьветнай вайны і гаварыць ня было пра што. Усё, чым карысталіся беларусы пры акупацыі, успрымалася як дынаміт пад Крэмль. Але "Пагоня" ўсё роўна жыла. Жыла ў старых выданьнях. Жыла ў сьвядомасьці інтэлектуальнай эліты. Так, гістарычная, культурная, мастацкая традыцыя жывіцца і працягваецца не масавай сьвядомасьцю. Але творыцца яна і захоўваецца ў інтарэсах нацыі, дзеля ўзвышэньня народа, дзяржавы.
- Дзякуй вам за цікавую размову.
Запісала Алеся Чарняўская.
Выява "Пагоні" з гравюры XVI ст. (злева)
Герб Вялікага княства Літоўскага з грабоўца Ягайлы. Першая палова XV ст.
Пячатка полацкага князя Глеба (Нарымунта), 1330.
Пячатка мсьціслаўскага князя Сімяона Альгердавіча.
Шалом. Каля 1360-1370-ых гадоў.
Герб "Пагоня" з кнігі Барташа Папроцкага. Кракаў, 1578.
"Пагоня" з тытульнага ліста Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года.
Данатэла. Конная статуя Гатамелаты ў Падуі. 1447-1453
"Віціс". Сучасны дзяржаўны герб Летувы.